«ЛЕ́ТАПІС БЕЛАРУ́СКАЙ ЭМІГРА́ЦЫІ»,
часопіс. Выдаваўся з 1947 на бел. мове неперыядычна. Заснавальнік Л.Галяк. Спачатку выходзіў у Германіі, з 1955 — у ЗША. У 1947—80 выйшла 14 нумароў пад назвай «Летапіс». У 1980—84 не выдаваўся. Адноўлены ў кастр. 1984 па ініцыятыве і пад рэдакцыяй М.Панькова; выходзіў пад назвай «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі». З вер. 1985 — «Л.б.э.». Друкаваў дакументы і матэрыялы з асабістага архіва заснавальніка, па гісторыі бел. эміграцыі з 1920-х г., інфармаваў пра навіны бел. друку. Шэраг матэрыялаў надрукаваны лацінкай, на англ. і польск. мовах. Пры рэдакцыі існавалі архіў і б-ка. Да крас. 1991 выйшла 76 нумароў.
Г.В.Запартыка.
т. 9, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)